Палітолаг: У Расеі засталося мала часу, каб ухіляцца ад мірнай дамовы
5- 6.04.2025, 10:16
- 3,472

Трампа можа «прарваць».
Перамовы паміж ЗША і Расеяй пра заканчэнне вайны прадаўжаюцца, аднак пакуль не прынеслі вынікаў, якіх чакаў Дональд Трамп. Нездарма ён пачаў выказваць незадаволенасць Крамлём.
На думку палітолага Ігара Рэйтаровіча, якую ён выказаў 24 каналу, у прэзідэнта ЗША пакуль яшчэ застаецца ілюзія, што ён зможа дамовіцца з расейцамі, яны рана ці позна сядуць за стол перамоваў і будуць прынамсі выконваць узятыя на сябе абавязальніцтвы. У той самы час дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа адзначыў, калі Расея будзе адтэрміноўваць час, каб затармазіць перамовы, то Белы дом пераацэніць сваю пазіцыю.
У расейцаў ёсць адзін козыр
Рэйтаровіч заўважыў, што ў Пуціна ў запасе ёсць яшчэ пару тыдняў, каб задоўжыць перамоўны працэс. Далей амерыканцам давядзецца прымаць пэўныя пастановы, інакш яны будуць вельмі «бледна» выглядаць для ўсяго свету.
«Заявы Трампа, што ён нібыта ўсё кантралюе і на ўсё ўплывае, будуць успрымацца зусім па-іншаму. Яму давядзецца рабіць высновы з таго, што адбываецца», – сказаў палітолаг.
Таму, на ягоную думку, калі цягам найбліжэйшых тыдняў ЗША і Расеі не ўдасца дамовіцца пра нешта канкрэтнае, тады Вашынгтону будзе трэба пераходзіць да санкцый і рэальнага ціску на Крэмль.
У той самы час у расейцаў ёсць адзін козыр. Напрыклад, пагадзіцца на перамір'е на моры ці не ажыццяўляць дронавыя і ракетныя ўдары па тэрыторыі Украіны цягам 10 дзён.
Яны гэта могуць падаць як сваю дамоваздольнасць, і такія крокі дадуць магчымасць Трампу даць справаздачу пра «перамогу». Аднак калі ён крыху супакоіцца, то потым, на думку Рэйтаровіча, зноў дазволіць расейцам парушыць дамоўленасці, прадоўжыць вайну, і пачнецца чарговы раўнд перамоваў.
«Аднак такі сцэнар сітуацыйны, бо Трамп можа атрымаць пэўны бонус для сябе, але на кароткі час. А пасля яго раздражненне толькі ўзмоцніцца», – выказаў меркаванне палітолаг.
Трамп мяркуе, калі ён з кімсьці пра нешта дамовіўся, ударыў па руках, значыць гэта павінна выконвацца. Аднак паміж прэзідэнтамі ЗША і Расеі ўжо былі пэўныя дамоўленасці, якія, паводле словаў Ігара Рэйтаровіча, расейцы парушылі літаральна на наступны дзень.
«Таму крэдыт цярпення ў Трампа не бязмежны, рана ці позна яго таксама “прарве” і ён зусім па-іншаму адрэагуе на тое, што робіць Расея», – падкрэсліў ён.
Палітолаг дадаў, што галоўная задача Украіны – да гэтага часу трымаць усё пад кантролем і нагадваць амерыканцам, якім чынам Расея парушае ўсё тое, што яна абяцае.