Амбасадарка ЗША адрэагавала на ракетны ўдар па Кіеве
20- 6.04.2025, 10:22
- 12,452

Дыпламатка прыгадала Расею пасля крытыкі Зяленскага.
Амбасадарка ЗША ва Украіне Брыджыт Брынк адрэагавала на ракетны ўдар па Кіеве 6 красавіка. Дыпламатка прыгадала Расею ў пасце пасля «слабай» рэакцыі на тэрарыстычны ўдар па Крывым Рогу.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Брыджыт Брынк у X (Twitter).
«На стан 6.30 раніцы Кіеў і астатняя Украіна застаюцца пад абстрэлам балістычнымі і крылатымі ракетамі з боку Расеі. Гучныя выбухі ў сталіцы і паведамленні пра атакі ў некалькіх гарадах», – напісала амбасадарка.
У каментарах да публікацыі карыстальнікі адзначылі, што фармулёўка «з боку Расеі» не з'яўляецца цалкам карэктнай.
Таксама на пост Брынк адрэагаваў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка.
«Ужытае слова “Расея”. Прагрэс», – напісаў Каваленка ў сваім Telegram.
Нагадаем, што амбасадарка ЗША ва Украіне Брыджыт Брынк адрэагавала на ракетны ўдар расейцаў па Крывым Рогу. Аднак у сваім пасце дыпламатка не згадала, што менавіта расейская ракета ўдарыла па горадзе, у выніку чаго загінулі 18 чалавек, з якіх дзевяць – дзеці.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што «непрыемна здзіўлены» такой слабой рэакцыяй амбасады ЗША.
«На жаль, непрыемна здзіўляе рэакцыя амбасады Амерыкі: такая моцная краіна, такі моцны народ – і такая слабая рэакцыя. Нават слова “расейская” баяцца сказаць, гаворачы пра ракету, якая забіла дзяцей», – падкрэсліў прэзідэнт.