7 красавiка 2025, панядзелак, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы перасцераглі Трампа ад «гістарычнай памылкі» ў перамовах з Расеяй

4
У Польшчы перасцераглі Трампа ад «гістарычнай памылкі» ў перамовах з Расеяй

Для Цэнтральнай Еўропы можа быць перасечаная «чырвоная лінія».

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рызыкуе здзейсніць «гістарычную памылку», калі мірныя перамовы датычна Украіны прывядуць да таго, што Амерыка прызнае прэтэнзіі РФ на Крым і іншыя акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі.

Пра гэта заявіў упаўнаважаны прадстаўнік польскага ўраду ў аднаўленні Украіны Павел Коваль у інтэрв'ю Financial Times.

Паводле ягоных словаў, для Польшчы і астатняй часткі Цэнтральнай Еўропы будзе перасечаная «чырвоная лінія», калі пашырэнне межаў Расеі будзе юрыдычна прызнанае ў выніку ўварвання ва Украіну.

Павел Коваль падкрэсліў, што ёсць выразная розніца паміж «часовымі пастановамі» для спынення баявых дзеянняў ва Украіне і выкананнем «расейскіх чаканняў у прызнанні Крыма, Данбаса ці іншых частак Украіны, што было б гістарычнай памылкай».

З гледзішча прэцэдэнта, які гэта створыць і дазволіць расейскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну пашырыць «імперскую Расею», гэта, папярэдзіў Коваль, «было б жахліва».

Як адзначае FT, Польшча занепакоена сочыць за тым, як Дональд Трамп крытыкуе хаўруснікаў у NATO, прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, але пры гэтым хваліць Пуціна.

Каментуючы той факт, што Трамп выключыў еўрапейскіх лідараў з перамоваў з Масквой і Кіевам, Коваль указаў, што «абмяркоўваць бяспеку ва Украіне ў адрыве ад агульнай праблемы бяспекі Цэнтральнай Еўропы – вельмі складана».

Тым не менш Павел Коваль выказаў упэўненасць, што амерыканскі лідар у выніку не дазволіць Маскве кантраляваць тэрыторыю Украіны дэ-юрэ і замест гэтага прызнае сталую пагрозу з боку Пуціна. Ён таксама перакананы, што Трамп не будзе рызыкаваць, пазбаўляючы кампаніі ЗША магчымасці інвеставаць у аднаўленне Украіны, адмаўляючыся ад гарантый бяспекі, у якіх мае патрэбу Кіеў і ягоныя хаўруснікі.

Палітыкам, падкрэсліў Коваль, «лёгка аддзяліць палітычныя гарантыі ад бізнэсовых і вайсковых, аднак, калі ва Украіну будуць інвеставаць рэальныя [карпаратыўныя] грошы, яны запатрабуюць сур'ёзных амерыканскіх гарантый».

Акрамя таго, ён указаў на неабходнасць засяродзіцца на неадкладнай падтрымцы Украіны і падкрэсліў, што «цяпер самае галоўнае – спыніць расейцаў».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках