Снегапады пакінулі без святла больш за 130 населеных пунктаў на Меншчыне і 142 – на Магілёўшчыне.
3- 6.04.2025, 10:49
- 5,196

Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны.
На дзяржаўным прадпрыемстве «Менскэнэрга» паведамілі, што непагадзь пакінула без электразабеспячэння больш за 130 населеных пунктаў у Менскай вобласці. У сваю чаргу на Магілёўшчыне святло страцілі 142 населеныя пункты.
«Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны, дзе пашкоджанні ліній электраперадачы адбыліся праз наліпанне снегу і шквалісты вецер», – паведамілі ў «Менскэнэрга».
Там зрабілі справаздачу, што на стан 8-й іх энэргетыкі «актыўна працуюць» над аднаўленнем электразабеспячэння ў гэтых больш як 130 населеных пунктах. Іх назвы не ўказалі.
Яшчэ ў «Менскэнэрга» сказалі, што наступствы непагадзі ліквідуюць 39 спецбрыгадаў і 56 адзінак спецтэхнікі, а 6 дызельных электрастанцый, паводле звестак энэргетыкаў, «дапамогуць забяспечыць электраэнэргіяй найбольш пацярпелыя раёны».
«Мы прыкладаем усе намаганні, каб аператыўна ліквідаваць наступствы непагадзі і аднавіць надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў», – дадалі на дзяржпрадпрыемстве.

Энэргетыкі Магілёўшчыны таксама не назвалі, у якіх менавіта 142 населеных пунктах знікла святло. На стан 8.30 спецыялісты «Магілёўэнэрга» аднаўлялі электразабеспячэнне, зрабілі справаздачу на гэтым прадпрыемстве. «Пераважна ў Бабруйскім, Асіповіцкім, Кіраўскім і Магілёўскім раёнах», – паведамілі там. Энэргетыкі дадалі, што ў працы задзейнічалі 49 брыгадаў і 55 адзінак спецтэхнікі.

У «Магілёўэнэрга» папярэдзілі беларусаў, што забаронена набліжацца да абарваных правадоў ліній электраперадачаў (ЛЭП) бліжэй за восем метраў, а таксама самастойна аднаўляць электразабеспячэнне. «Паведаміць пра адключэнні электраэнэргіі і заўважаныя пашкоджанні энэргааб'ектаў можна на адзіны кругласутачны бясплатны тэлефон 144», – напісалі энэргетыкі.
