У Магілёве выпала 25 см снегу
1- 6.04.2025, 11:57
- 5,810

Гэта больш, чым за ўсю мінулую зіму.
Згодна з Белгідраметам, 5 красавіка ў Магілёўскай вобласці назіралася складаная метэаралагічная сітуацыя: парывы ветру дасягалі 15 м/с (максімальная хуткасць – у Горках), выпала шмат мокрага снегу. У Магілёве зафіксавалі вышыню снегу 25 см. Гэта больш, чым за ўсю мінулую зіму, піша udf.

Паводле інфармацыі РУП «Магілёўэнэрга», у выніку непагадзі без святла засталіся 128 населеных пунктаў, 15 малочнатаварных фермаў і 5 кацельняў.
На раніцу 6 красавіка ўсё яшчэ адключаныя 98 трансфарматарных падстанцый, 46 населеных пунктаў, 5 МТФ у Бялыніцкім, Бабруйскім, Дрыбінскім і Асіповіцкім раёнах. Энэргетыкі прадаўжаюць аднаўленчыя працы.

Падраздзяленні МНС здзейснілі 12 выездаў для ўборкі паваленых дрэваў у розных раёнах вобласці. Паводле звестак установы, пацярпелых няма.
Некаторыя цягнікі на адрэзку Асіповічы – Магілёў ідуць з адхіленнем ад графіка. 6 красавіка на адрэзку Асіповічы – Магілёў чыгункі адбылося падзенне дрэваў на чыгуначныя шляхі.
Непагадзь таксама закранула Менскую вобласць, паведамляе РУП «Менскэнэрга». Больш за ўсё пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны – праз наліпанне снегу і моцны вецер пашкоджаныя лініі электраперадачаў.
На раніцу 6 красавіка без электрычнасці заставаліся жыхары больш як 130 населеных пунктаў.
У «Менскэнэрга» падкрэсліваюць, што спецыялісты працуюць кругласутачна, каб максімальна хутка аднавіць электразабеспячэнне.