Расея страчвае «крылы»: Ту-22М загадкава падаюць і гараць на авіябазах
14- 6.04.2025, 19:53
- 20,250

Афіцэр войска ЗША прааналізаваў сітуацыю.
Расейская стратэгічная авіяцыя нясе новыя страты ў вайне супраць Украіны. Надзеі Масквы на масаванае выкарыстанне самалётаў, здольных ігнараваць страты і прадаўжаць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, паступова разбураюцца – не толькі ў небе, але і на зямлі. Пра гэта піша ваенны аналітык, былы афіцэр пяхоты войска ЗША Брэнт Іствуд для 19FortyFive.
Апошні інцыдэнт – падзенне бамбавіка Ту-22М паблізу Усольскага раёна ў Сібіры 2 красавіка. Да лініі фронту – больш за 4300 кіламетраў. Паводле неафіцыйных падлікаў, гэта ўжо пяты страчаны Ту-22М за час поўнамаштабнай вайны.
Блізу 60 такіх самалётаў заставалася ў Крамля на пачатак поўнамаштабнага ўварвання, і страты амаль 10% флоту з'яўляюцца адчувальным ударам. Ту-22М – машына яшчэ з часоў Халоднай вайны, якую Расея актыўна ўжывае для запуску крылатых ракетаў, сярод іншага па ўкраінскіх гарадах.
Украінцы расцэньваюць такія ўдары як тэрарыстычныя атакі.
«Расея аддае перавагу выкарыстанню Ту-22М для знішчэння гарадоў. Гэта абурае ўкраінцаў, якія мяркуюць, што тэрарысты здзяйсняюць тэракты супраць мірнага насельніцтва», – гаворыцца ў матэрыяле.
Нягледзячы на абарону, гэтыя самалёты нясуць страты не толькі ў паветры, але і на зямлі: дроны УСУ знішчылі ўжо некалькі такіх «птушачак» проста на авіябазах. Асабліва балючымі сталі ўдары па базе ў Энгельсе, дзе таксама знішчаныя запасы ракетаў.
У адказ Расея прадаўжае абстрэлы з глыбіні сваёй паветранай прасторы – самалёты застаюцца за сотні кіламетраў ад Украіны, выпускаючы ракеты Х-22. Гэтыя ракеты – адна з самых небяспечных пагрозаў для цывільнага насельніцтва.
«Няма спынення агню», – адзначаюць міжнародныя назіральнікі. Нягледзячы на асобныя заявы пра дээскалацыю, расейскія самалёты прадаўжаюць несці смерць.
Ту-22М: рэтра-гігант у сучаснай вайне
Backfire – такую назву бамбавік атрымаў на Захадзе – мае чатырох чальцоў экіпажу, больш за 6000 кг баявой нагрузкі і можа лётаць з хуткасцю большай за 1600 км/г. Яго канструкцыя грунтуецца на яшчэ савецкім Ту-22 «Бліндэр». Асаблівая ўвага была аддадзеная канструкцыі крыла змяняльнай стрэлападобнасці – асновы ўсяго праекту.
Самалёт мае вялікі баявы досвед – ад Афганістана да сучаснай вайны ва Украіне. Але сёння ён усё часцей становіцца мішэнню.
Нягледзячы на страты, пагроза застаецца. Ту-22М усё яшчэ выкарыстоўваюцца для нанясення ракетных удараў, у тым ліку і планёрнымі бомбамі, што абцяжарвае перахоп.
«Самалёт зазнаў удары, але ён усё роўна будзе важкім чыннікам у вайне, паколькі спыненне агню аказалася недасяжным. Украіна ўважае Ту-22М за інструмент тэрору і сілу, якую трэба мець на ўвазе», – падсумаваў аўтар.