M2 Bradley супраць CV90: Украінскія байцы назвалі найлепшую БМП на фронце
3- 6.04.2025, 14:47
- 6,982

Кожная з баявых машынаў мае свае перавагі.
Сілы абароны Украіны сёння маюць на ўзбраенні найлепшыя ўзоры баявых машынаў пяхоты ў свеце – амерыканскія M2 Bradley і швэдскія CV90. Пры гэтым ва ўкраінскіх вайскоўцаў ёсць унікальная магчымасць параўнаць гэтыя дзве машыны на полі бою ў складаных умовах у баях супраць расейскага акупацыйнага войска. Эксперты Defense Express прааналізавалі сюжэт ад «Армія», у якім вайскоўцы расказалі пра перавагі кожнай БМП і вызначылі, якая ж з гэтых машынаў з'яўляецца найлепшай.
Як паказваюць эксперты, пераможцай тут стала CV90, аднак варта браць да ўвагі істотную розніцу ў масе машынаў, а таксама той факт, што паказаная на відэа M2 Bradley абсталяваная дынамічнай абаронай тыпу Brat 2.
Абарона
Вайскоўцы адзначаюць высокі ўзровень абароны M2 Bradley ад розных пагрозаў, у тым ліку стрэл з ПТРК або падрыў на адной або нават дзвюх супрацьтанкавых мінах. Што да CV90, то, як адзначыў камандзір механізаванай роты 21-й АМБр з пазыўным «Неа», машына таксама трымае падрыў на адной-дзвюх мінах і экіпаж застаецца цэлым. Таксама перавагай CV90 з'яўляецца наяўнасць накідкі Barracuda.
Трапнасць стральбы
Байцы адзначаюць, што ў CV90 значна большае фугаснае дзеянне самога снарада. Як расказвае «Неа», разлёт аскепкаў кожнага снарада – блізу 15 метраў, таксама падкаліберны снарад прабівае да 100 мм брані ці нават больш.
«У нас ёсць “казырны туз у рукаве”, мы можам страляць з закрытых пазіцый вельмі дакладна да 12 тысячаў метраў», – кажа «Неа».
Што тычыцца M2 Bradley, то, як адзначаюць байцы, у яе разлёт аскепкаў крыху меншы – да 10 метраў, але ёсць хуткастрэльнасць.
«І ў мяне боеўкладка большая. Я мяркую, што хуткастрэльнасць гэта цікавей. Падкаліберны прабівае да 70 мм броні», – расказвае камандзір машыны з поклічам «Кот» з 47-й АМБр. Акрамя таго, перавагай для M2 Bradley з'яўляецца наяўнасць пускавых для супрацьтанкавых ракетаў TOW.
Увогуле, камандзір Bradley кажа, што памяняўся б з CV90 гарматамі пры ўмове захавання хуткастрэльнасці, затое камандзір СV90 адзначае, што пазычыў бы дынамічную абарону для прыкрыцця лабавой часткі машыны, пішуць у Defense Express.
Калі параўноўваць дэсантаванне, то хоць і вайскоўцы адзначаюць, што CV90 досыць нядрэнная ў гэтым плане, але ў цэлым M2 Bradley зручнейшая. Таксама ў БМП Bradley лепшыя аптычныя сродкі.