8 красавiка 2025, aўторак, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння 115 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта

5
Сёння 115 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта
Барыс Кіт

Легендарны беларус удзельнічаў у касмічных праектах NASA.

Беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар, распрацоўшчык ракетнага паліва для NASA, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднанняў Барыс Кіт (сапраўднае прозвішча Кіта) нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Пецярбургу, перадае «Радыё Рацыя».

Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расеі ягоны бацька перавёз сям’ю ў родную вёску Агароднікі Карэліцкага раёна. Калі Барысу Кіту было 10 гадоў, памерла яго маці. Вучыўся ў Наваградскай гімназіі, закончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку, быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, Наваградскай гімназіі, іншых школ на Віленшчыне.

У Віленскай беларускай гімназіі. Барыс Кіт стаіць апошні справа
Пасведчанне настаўніка матэматыкі дзяржаўнай гімназіі ў Вільні, 1935 год

Разам з выкладчыцкай дзейнасцю Барыс Кіт не забываўся і пра беларускую справу – актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Наваградку за дачыненні з «Грамадой» Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукішках па справе Таварыства беларускай школы.

З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаецца ў адукацыйнай сферы – працуе школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаецца арганізацыяй беларускіх школ, выкладае матэматыку.

У час нямецкай акупацыі Барыс Кіт працаваў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладэчне, а пасля ў Паставах. За немцамі, як і за палякамі, яго зноў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі – ад смерці ў Вялейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выязджае на Захад, спачатку ў Германію, а затым у Амерыку. Усе яны добра разумелі, што іх чакае па вяртанні савецкай улады, таму выбралі жыццё на чужыне.

Барыс Кіт – прафесар Вашынгтонскага Мэрылендскага ўніверсітэта, 1983 год

У 1948 годзе Барыс Кіт эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, а з 1950 года ўдзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Ён першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.

У пачатку 1990-ых гадоў наведваў Беларусь, прапаноўваў беларускаму ўраду за свае грошы адкрыць беларускамоўны ўніверсітэт, але чыноўнікі адмовіліся, бо ён хацеў, каб універсітэт быў беларускамоўным. Апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне ў Германіі. На свае юбілеі ён заўсёды атрымліваў віншаванні ад прэзідэнта ЗША. Пражыў амаль 108 гадоў.

Барыс Кіт і Васіль Быкаў, 2001 год

У інтэрвю’ю Радыё Свабода ў снежні 2017 года Барыс Кіт сказаў: «Беларусам ХХІ стагоддзя я жадаю не забыць сваёй беларускасці і рабіць дзеля яе тое, што магчыма. Вельмі шмат беларусаў здрадзілі Беларусі, кінулі яе, а я не здрадзіў, я працаваў на беларускую справу. Я рабіў усё правільна, Бог гэта бачыў і зрабіў так, што я не памёр дасюль».

Барыс Кіт з беларускімі кнігавыдаўцамі ў Франкфурце-на-Майне, восень 2017 г.

Памёр Барыс Кіт 1 лютага 2018 года. Пахаваны на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэн, дзе загадзя выкупіў участак. Памятны крыж на замову гарадзенскага навукоўца-акадэміка Андрэя Майсяёнка выкаваў пастаўскі каваль Юрась Фурс. Крыж доўга знаходзіўся ў Беластоку, а потым быў дастаўлены на месца цяперашнімі беларускімі эмігрантамі з Бельгіі.

4 чэрвеня 2008 года ў Наваградскай сярэдняй школе № 1 адчынены музей Барыса Кіта. На будынку школы, дзе Барыс Кіт працаваў у перадваенны час, усталявана памятная дошка. Кіт быў абвешчаны ганаровым грамадзянінам Наваградку, ганаровым доктарам навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Цяпер, на жаль, памяць у Беларусі пра яго сціраюць.

Выйшлі ў свет дзве кнігі пра славутага навукоўца – «Вяртанне» (1993) і «Космас беларуса» (1996) Лідзіі Савік. У Вашынгтане (ЗША) у капсуле часу, якая будзе адкрыта праз 500 гадоў, ёсць і біяграфія Барыса Кіта. Беларускі кінарэжысёр Віктар Дашук зняў кінафільм «Барыс Кіт – апошні з магіканаў».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках