Каля берагоў Вялікай Брытаніі знайшлі датчыкі, з дапамогай якіх РФ сачыла за атамнымі падлодкамі
3- 7.04.2025, 7:42
- 8,188

Лондан таксама падазрае ў шпіянажы супер'яхты расейскіх мільярдэраў.
Брытанскія вайскоўцы выявілі ў водах побач з Вялікай Брытаніяй сэнсарныя датчыкі, якія маглі выкарыстоўвацца Расеяй для сачэння за атамнымі падводнымі лодкамі краіны. Аб гэтым піша The Sunday Times, журналісты якой пагаварылі з былымі міністрамі абароны, высокапастаўленымі вайскоўцамі і экспертамі.
Некалькі датчыкаў былі выяўленыя дзякуючы таму, што былі выкінутыя на бераг. Астатнія былі знойдзеныя з дапамогай мінных тральшчыкаў брытанскага флоту. У матэрыяле газеты гаворыцца, што прылады былі знойдзеныя «ў апошнія гады».
Паводле версіі Мінабароны Вялікай Брытаніі, яны былі ўсталяваныя Масквой для адсочвання перасоўванняў чатырох брытанскіх падводных лодак Vanguard, абсталяваных ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі.
Двое суразмоўцаў The Sunday Times сцвярджаюць, што прыкладна ў 2020 годзе побач з «крытычна важнымі» для Вялікай Брытаніі падводнымі кабелямі былі знойдзеныя расейскія падводныя беспілотнікі. Паблізу не было ніякіх караблёў ці падлодак, што дазваляе выказаць здагадку, што беспілотнікі пераадолелі вялікія адлегласці, каб дабрацца да кабеляў. Мінабароны Вялікай Брытаніі мяркуе, што беспілотнікі спрабавалі пашкодзіць падводныя камунікацыі, але на сёння няма ніякіх довадаў, што зрабіць гэта ўдалося.
Трое суразмоўцаў The Sunday Times у Мінабароны сцвярджаюць, што яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войск ва Украіну ў Лондана былі выведзвесткі аб тым, што супер'яхты расейскіх мільярдэраў, магчыма, выкарыстоўваліся для выведкі ля берагоў Вялікай Брытаніі. У публікацыі прыводзіцца адзін з такіх выпадкаў. У 2018 годзе брытанскі дэсантны карабель HMS Albion вымушана пакінуў порт у Лімасоле пасля таго, як побач з ім прычаліла вялізная яхта, прыналежная «расейскаму алігарху» (імя не ўдакладняецца — заўв.). Экіпаж карабля пастанавіў пакінуць порт, западозрыўшы яхту ва ўтоеным назіранні.
Высокапастаўленыя вайскоўцы ў размове з журналістамі параўналі тэхналагічнае супрацьстаянне пад вадой з касмічнай гонкай паміж ЗША і Савецкім Саюзам у часы халоднай вайны.