Палітолаг: Лукашэнка ўзваліў на Турчына непасільную ношу
7- 8.04.2025, 10:34
- 13,040

Гэта вышэй за магчымасці і самога дыктатара.
Новы прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з расейскім прэм'ерам Міхаілам Мішусціным у Маскве, адбыліся перамовы сам-насам і ў пашыраным складзе.
Турчын заявіў, што першыя візіты, якія свежапрызначаныя беларускія топ-чыноўнікі традыцыйна наносяць у Расею, "наглядна сведчаць аб прыярытэтнасці і доўгатэрміновасці беларуска-расейскага стратэгічнага партнёрства". Мішусцін назваў гэта "пацвярджэннем асаблівага характару стасункаў паміж Расеяй і Беларуссю".
Беларуская прапаганда таксама паспрабавала надаць візіту арэол значнасці. Але калі апусціць слоўную мішуру аб важнасці двухбаковых дачыненняў і ўмацаванні супрацоўніцтва, практычнай карысці ад гэтай сустрэчы няшмат. Ва ўсякім разе, аб новым крэдыце на супольныя імпартазамяшчальныя праекты, размовы аб якім напярэдадні “не выключаў” беларускі прэм'ер, у публікацыях ні слова.
Тады ў чым сэнс афіцыйнага візіту Турчына ў Маскву, акрамя асабістага знаёмства і васальнага пацвярджэння, што супольнік па-ранейшаму побач і разам?
- Падкрэсліваць тое, што першы візіт у Маскву - даніна традыцыі, модзе або пацвярджэнне асаблівага характару саюзніцкіх дачыненняў - гэта гучыць смешна, - адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Анатоль Котаў. - Таму што, калі не ў Расію, то куды?
У нават не ўмоўнага, а цалкам канкрэтнага Казахстана ці Узбекістана ёсць выбар, куды ехаць з першым афіцыйным візітам: Кітай ці Расея, ды і Еўропа таксама. У беларускага прэм'ера выбар роўна адзін. Або ў Расею або нікуды.
Адпаведна, сам па сабе гэты візіт мае больш пратакольна-азнаямленчы характар. Памянялася частка ўрада, памяняўся прэм'ер, трэба прадставіцца маскоўскім калегам. Таму ўсе публічныя размовы і маюць такое пратакольнае адценне.
А іх успаміны аб тым, што летась быў рэкордны тавараабарот - зноў-такі, выбіраць, з кім гандляваць, не даводзіцца ніводнай старане. Таму рост узаемнага гандлю ад бязвыхаднасці - такі сабе прадмет для гонару.
Таксама трэба разумець, што ўсе размовы, якія вядуцца на ўзроўні ўрадаў, фактычна, з'яўляюцца тэхнічнай рэалізацыяй дамоўленасцяў на самым высокім узроўні. І выбіваць чарговы крэдыт, чарговыя нейкія грошы ад Масквы - не тое каб не задача Турчына, а непасільная ноша. Гэта вышэй за магчымасці і той сістэмы дачыненняў, якая выбудаваная паміж Лукашэнкам і Пуціным.
Вось калі б яны дамовіліся падчас візіту Лукашэнкі ў Маскву, што будзе выдадзены чарговы незваротны крэдыт, які потым адтэрмінуюць, растэрмінуюць, пакуль гадоў праз 40 яго не спішуць – то быў бы зразумелы тэхнічны сэнс паездкі Турчына і кампаніі ў Маскву, прапрацоўка, як прапісаць на паперы і рэалізаваць тое, пра што дамовіліся на словах Лукашэнку. Але падчас апошняга візіту такіх абяцанняў не было.
Таму, паўтаруся, візіт Турчына носіць хутчэй пратакольны характар. Абедзвюм сторанам трэба бліжэй пазнаёміцца, каб разумець, з кім персанальна давядзецца мець справу далей.