УСУ ўзялі ў палон кітайцаў, якія ваявалі на баку Расеі
14- 8.04.2025, 16:59
- 22,430

Зяленскі патрабуе тлумачэнняў ад Пекіна.
УСУ ўзялі ў палон двух кітайцаў, якія ваявалі на баку Расеі. Яны патрапілі ў палон да ўкраінскіх вайскоўцаў падчас баёў у Данецкай вобласці.
Аб гэтым паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён таксама сказаў, што чакае рэакцыю кітайскага ўрада на гэты інцыдэнт.
«Ёсць дакументы гэтых палонных, банкаўскія карткі, асабовыя звесткі. Я даручыў міністру замежных спраў Украіны неадкладна звязацца з Пекінам і высветліць, як Кітай збіраецца на гэта рэагаваць», - заявіў Зяленскі.
Зяленскі таксама адзначыў, што, паводле яго інфармацыі, кітайцаў у расейскім войску значна больш за дваіх. Усе факты высвятляюцца - працуюць УСУ, выведка, СБУ і г.д.
«Уцягванне Расеяй яшчэ і наўпрост ці ўскосна Кітаю ў гэтую вайну ў Еўропе - гэта выразны сігнал, што Пуцін збіраецца рабіць што заўгодна, акрамя заканчэння вайны. Ён шукае, як ваяваць далей. На гэта сапраўды патрэбная рэакцыя. Рэакцыя Злучаных Штатаў, Еўропы і ўсіх у свеце, хто хоча, каб быў мір», - адзначыў прэзідэнт Украіны. Палонныя кітайцы зараз знаходзяцца ў СБУ.