У сховішчы менскага банка знайшлі вельмі дзіўную даляравую купюру
24- 8.04.2025, 18:13
- 32,300

Фотафакт.
У адным з менскіх банкаў падчас пераліку грошай у сховішча супрацоўнікі заўважылі падазроную дзесяцідаляравую купюру 1988 года. У Дзяржкамітэце судовых экспертыз распавялі, якія дзівацтвы ў ёй выявілі.
Перш за ўсё, на купюры не супадалі лічбы і тэкст наміналу - як з вонкавага, так і са зваротнага боку. На здымку відаць, што ўнізе банкноты напісана «адзін даляр», аднак па краях значыцца лічба «10».

Аднак на партрэце выява Джорджа Вашынгтана, як і пакладзена на аднадаляравай купюры (на дзесяцідаляравай быў бы Аляксандр Гамільтан). А зверху на адным з бакоў ручкай напісана «сувенірная прадукцыя».

Праваахоўнікі канфіскавалі банкноту і адправілі яе на экспертызу. Падчас даследавання ўстанавілі, што сама па сабе купюра сапраўдная і з'яўляецца грашовым білетам Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША. Аднак першапачаткова гэта быў грошзнак наміналам адзін даляр. Лічбу «1» падчысцілі і акуратна дамалявалі «10» з дапамогай пёравай асадкі і чарнілаў, імітуючы арыгінал.
Па факце падробкі распачатая крымінальная справа.