На беларускіх метэастанцыях перакрытыя рэкорды холаду 85-гадовай даўніны
3- 8.04.2025, 20:45
- 5,480

15 тэмпературных антырэкордаў устаноўлена за апошнія тры ночы.
15 тэмпературных антырэкордаў устаноўлена за апошнія тры ночы на беларускіх метэастанцыях, сведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета.
Найбольшая колькасць начных мінімумаў – 10 – была перапісаная ў ноч на 8 красавіка.
У Клічаве паветра астудзілася да 10 градусаў марозу (было -7,6 у 2013 годзе). Мінулай ноччу гэта было самым халодным месцам у краіне.
У Васілевічах і Мар'інай Горцы перакрытыя антырэкорды, якія трымаліся з 1940 года (адпаведна -6,1 супраць -5,6 і -7,7 супраць -7,4 градуса).
Абнавіліся лакальныя мінімумы таксама ў Жыткавічах (-6,8 супраць -6,5 у 2013 годзе), Жлобіне (-6,4 супраць -4,5 у 1963-м), Слуцку (-6,2 супраць -6 у 2013-м), Мазыры (-5,8 супраць -4,3 у 2013-м, 2013-м), Сянно (-4,6 супраць -4,4 у 1997-м) і Мсціславе (-4,3 супраць -3,2 у 2013-м). Паўтарыўся экстрэмум у Бабруйску (-7,2 у 2013 годзе).
Напярэдадні пахаладання, 3 і 4 красавіка, на асобных метэастанцыях былі зарэгістраваныя рэкорды цяпла.