Эдуард Ханок: Я вынайшаў гармон радасці без уколаў
3- 8.04.2025, 20:58
- 5,340

Беларускі кампазітар расказаў пра таямніцу маладосці і бадзёрасці напярэдадні 85-годдзя.
Легендарны беларускі і савецкі кампазітар Эдуард Ханок стаў героем праграмы «Сэнс жыцця», якая выходзіць на тэлеканале «Беларусь 1». У гутарцы з вядоўцай Аленай Спірыдовіч Эдуард Ханок, якому 18 красавіка споўніцца 85 гадоў, расказаў пра таямніцу сваёй маладосці.
– Я ў Малахава падгледзеў «спеўкі», дзе ён спявае з сярэднім і старэйшым пакаленнем. Я зразумеў, што, паколькі мне 84 гады і трэба маладзець, мне патрэбная такая самая «спеўка», але толькі з моладдзю, – адзначыў кампазітар. – Я адкрыў свету новы варыянт амаладжэння! Ведаеце, гармоны маладосці ўколамі? А я знайшоў гармон маладосці без уколу!
Ён растлумачыў: таямніца ягонай бадзёрасці і маладосці – вялікая колькасць творчых сустрэчаў, якія ён праводзіць у школах, каледжах, універсітэтах. Ён канстатаваў: разумее, што гэтая аўдыторыя ў найлепшым выпадку чула пра ягоныя песні ад сваіх бацькоў, але не болей.
– Я спяваю з імі 24–25 сучасных песняў. Я спяваю толькі прыпевы, бо менавіта ў прыпевах ты атрымліваеш аддачу. І вось ад гэтых сустрэчаў і прыпеваў за апошнія два з паловай гады я памаладзеў гадоў на 50 мінімум, – заявіў кампазітар.