Беларусь ставіць новы рэкорд
7- 9.04.2025, 10:59
- 9,400

Праўда, выклікае ён не гонар.
Беларусь ставіць новы рэкорд. Праўда, выклікае ён не гонар, а сорам, прыкрасць і боль, піша чытачка Charter97.org. У нашай краіне значна павялічылася колькасць дзяцей у дзіцячых дамах і прытулках.
Напрыклад, ва Украіне, дзе ідзе вайна, сапраўды ёсць багата дзетак, бацькі якіх загінулі. І тут я магу неяк прыняць такую з’яву, як дзіцячы прытулак.
Але як можа павялічвацца колькасць сірот у дзяржаве з адвечнай «стабільнасцю»? Адкуль жа тады бярэцца малеча, якая жыве ў інтэрнатах? І што гэта за сацыяльная з’ява ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве, калі ў нас няма вайны, але ёсць сіроты?
Раней нашы маленькія беларусы, якія засталіся без бацькоў, мелі хаця б шанц быць узятымі сем’ямі з Еўропы. І часам нават адпраўляліся жыць у цёплую Італію або заможную Нямеччыну. Цяпер жа і гэтая мажлівасць забраная.
У нашым раёне, напрыклад, з’явіўся дзіцячы дом сямейнага тыпу, якія стварылі вернікі-пратэстанты. Аднак і тут пачалі чыніць перашкоды. Так, у мястэчку была сям’я, праз якую прайшло больш за 20 адаптаваных дзетак.
Я стаўлюся да гэтай сям’і з павагай, але стаўленне з боку адміністрацыі горада было жахлівае. Аніякай фінансавай падтрымкі гэтай сям’і не давалі, але рэгулярна выкарыстоўвалі іх у ідэалагічных мэтах. Напрыклад, запрашалі іх на розныя акцыі, абсыпалі кампліментамі, і выдавалі… чарговы дыплом. А цяпер жанчына, на плячах якой было столькі дзетак, бярэ мінімальную пенсію, бо мела за сваю рупнасць толькі мізэрны заробак выхавальніцы.
Колькасць жа дзетак-бязбацькавічаў няўхільна расце, і я са страхам думаю, што расце яна яшчэ і з той прычыны, што мамы і таты гэтых гаротнікаў сядзяць у турмах з палітычных матываў.
Так што не трэба нам лічбы ад Белстата пра поспехі луканомікі. Поспехі мы бачым праз вось такія вось ускосныя паказчыкі.