19 красавiка 2025, Субота, 9:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаванага расейскага генерала Папова скіруюць на вайну ва Украіне

12
Арыштаванага расейскага генерала Папова скіруюць на вайну ва Украіне
ІВАН ПАПОЎ

Ён узначаліць атрад «Шторм Z».

Былы камандзір 58-й гвардзейскай арміі УС РФ генерал-маёр Іван Папоў, арыштаваны паводле абвінавачвання ў махлярстве, накіруецца на вайну супраць Украіны. У сераду, 9 красавіка, ягоны адвакат Сяргей Буйноўскі паведаміў, што ягоны падабаронны звярнуўся з такім хадайніцтвам, папрасіўшы Тамбоўскі гарнізонны вайсковы суд прыпыніць вытворчасць у ягонай справе.

Як паведамляе ТАСС са спасылкай на Буйноўскага, абвінавачанне папрасіла прысудзіць генералу да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму, а таксама пазбавіць яго звання генерал-маёра і прызначыць штраф памерам 800 тысячаў рублёў.

Між тым «Коммерсант» са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах паведамляе, што Папоў узначаліць адзін з атрадаў «Шторм Z», якія фармуюцца з падследных і зняволеных. Раней Папоў звярнуўся з адкрытым лістом да дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна з просьбай вярнуць яго на фронт ва Украіне.

Генерал-маёр Іван Папоў быў арыштаваны ў сярэдзіне траўня 2024 года паводле абвінавачання ў махлярстве, здзейсненым арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры. Паводле версіі следства, ён датычны да крадзяжу ў 2023 годзе больш як 1,7 тысячы тонаў вырабаў металапракату памерам больш як 130 млн рублёў, прызначаных для абсталявання інжынерных абарончых збудаванняў на лініі баявога судотыку ў Запарожскай вобласці. У пачатку ліпеня Папову прад'явілі канчатковае абвінавачанне, да якога дадалі абвінавачанне ў службовай падробцы.

Пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Папоў быў прызначаны камандзірам 58-й агульнавайсковай арміі, якая адказвала за Запарожскі кірунак. У ліпені 2023 года дэпутат Дзярждумы Андрэй Гурулёў апублікаваў аўдыязварот генерала да вайскоўцаў, у якім той гаварыў пра «складаную сітуацыю са старэйшым кіраўніцтвам».

У ліку іншага Папоў расказаў, што даклаў кіраўніцтву пра адсутнасць сродкаў контрбатарэйнай барацьбы і станцый артылерыйскай выведкі, а таксама пра «масавую гібель і калецтвы» салдатаў, пасля чаго быў адхілены ад пасады «за адзін дзень».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках