Стала вядома, хто змяніў стаўленне Трампа да Пуціна
5- 1.05.2025, 8:42
- 17,894

Да прэзідэнта ЗША ўдалося данесці, што кіраўнік Крамля праяўляе да яго непавагу.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп крыху змяніў рыторыку пра расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна пасля некалькіх месяцаў непублічных дыпламатычных намаганняў прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.
Як піша Politico са спасылкай на крыніцы сярод еўрапейскіх палітыкаў, і Стармер і Макрон пераконвалі Трампа не ціснуць на ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і накіраваць частку сваёй злосці на Пуціна. Для гэтага яны выкарыстоўвалі аргумент, што Пуцін выстаўляе амерыканскага прэзідэнта дурнем.
"Публічная крытыка прэзідэнта ЗША на адрас Пуціна дазволіла дыпламатам у Лондане і Парыжы стрымана парадавацца, бо іх намаганні на працягу апошніх трох месяцаў пачалі прыносіць плён", - напісала выданне.
Выданне дэталізавала, што ключавую ролю ў перамовах з камандай Трампа адыгралі брытанскія дарадца ў нацыянальнай бяспецы Джонатан Паўэл і міністр абароны Джон Хілі. Іх намаганні каардынаваліся з паслом ЗША ў Вялікабрытаніі Маркам Бэрнетам.
А міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лэмі прызнаўся, што толькі сёлета правёў 13 размоў з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё, Стармерам і Трампам - "амаль" столькі ж.
“Зяленскі адназначна паўплываў на ход думак Трампа ў Рыме”, - сказаў адзін з брытанскіх экс-амбасадараў. Ён адзначыў, што Вялікабрытанія і Францыя ўвесь час падкрэслівалі, што Пуцін "праяўляе непавагу да Трампа, увесь час парушаючы замірэнне, якое сам жа і абвясціў". Дыпламат выказаў меркаванне, што гэта стала асабліва адчувальнай тэмай, паколькі Трамп "чула рэагуе на чалавечыя ахвяры - гэта яго сапраўды турбуе".
“Цяпер Трамп зразумеў, што Пуціну нельга давяраць. Гэта тое, што Макрон увесь час паўтарае і спрабуе данесці да Трампа. Гэта нашая цяперашняя стратэгія», - дэталізаваў французскі чыноўнік.
Аднак, як адзначае Politico, Вялікабрытанія і Францыя зараз з трывогай чакаюць, ці надоўга хопіць жорсткай пазіцыі Трампа ў дачыненні да Пуціна.
Аналітык Brookings Institution і экс-амбасадар ЗША ва Украіне Стывен Пайфер адзначыў, што “ў Трамп была сляпая зона ў дачыненні да Пуціна, які ігнараваў запыты ЗША”. "Але яго свежыя заявы намякаюць на тое, што ён пачаў адчуваць, што Пуцін яго выкарыстоўвае", – прааналізаваў Пайфер.