1 траўня 2025, Чацвер, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сабаленка аскандалілася на турніры ў Мадрыдзе

6
Сабаленка аскандалілася на турніры ў Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка спыніла матч супраць украінкі, хаця суддзя сказала гуляць далей.

Арына Сабаленка не без цяжкасцяў падолела ўкраінку Марту Касцюк (WTA 36) у чвэрцьфінале турніру ў Мадрыдзе — беларуска перамагла пасля двух тай-брэйкаў 7:6, 7:6. Але матч запомніцца не толькі ўпартай барацьбой, але і скандальнай сітуацыяй, піша «Трибуна».

Падчас тай-брэйка ў другім сэце, пры ліку 5:4 на карысць Касцюк, прыйшла чарга Сабаленкі падаваць. Тая дапусціла памылку пры першай падачы, а затым падышла да суддзі з просьбай закрыць дах - падчас матчу пачаўся дождж. Але рэферы з Кітая Хуан Чжан адмовіла, аргументуючы гэта тым, што «ўсё не настолькі дрэнна». Тады Сабаленка вярнулася на корт, як быццам збіралася зрабіць другую спробу, але перадумала, пасля чаго пайшла на месца адпачынку і завярнулася ў ручнік - фактычна, адмовілася гуляць далей. Але ніякіх санкцый на свой адрас не атрымала - замест гэтага суддзя, як і хацела Сабаленка, прыпыніла матч. Касцюк абуралася, але гэта не дало ніякага плёну.

Пасля паўзы Сабаленцы далі дзве спробы падаць, але ёй гэта не дапамагло: яна саступіла ў розыгрышы - лік стаў 4:6. Касцюк атрымала шанец забраць сэт, але беларуска змагла перавярнуць падзеі і ў выніку перамагла ў другім тай-брэйку з лікам 9:7.

Пасля сустрэчы Касцюк традыцыйна адмовілася паціснуць руку Сабаленцы, а яшчэ падышла да сваёй каманды і сказала: «Пайшло ўсё да д'ябла! Яна ніколі не здабудзе прыз за спартыўныя паводзіны. Гэта дакладна».

Наконт эпізоду з прыпыненнем гульні Сабаленка пазней сказала: «Падаваць пад дажджом было немагчыма. Я паспрабавала выканаць першую падачу, але зразумела, што павінна спыніцца, таму што вада трапляла ў вочы. Гэта было немагчыма. Я ведала, што зараз зраблю падвойную памылку, і не хацела гэтага дапусціць, таму пастанавіла, што гульню трэба спыніць».

Для Касцюк гэта паражэнне стала асабліва крыўдным. Пасля пачатку вайны ў сваёй краіне ўкраінка паслядоўна выступае за адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў тэнісістаў з беларускімі і расейскімі пашпартамі. Як вядома, тэнісныя міжнародныя арганізацыі такія заклікі ігнаруюць, таму ўкраінцы выказваюць сваю нязгоду тым, што не ціснуць расейцам і беларусам рукі пасля матчаў. У студзені Касцюк прызнавалася, што не хоча паціскаць рукі тэнісістам з Расеі і Беларусі да канца кар'еры.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках