Ва ўніверсітэты Беларусі плануюць набраць больш за пяць тысячаў мэтавых студэнтаў
3- 1.05.2025, 21:13
- 2,208

Палова з іх – медыкі.
Сёлета ва ўніверсітэтах будзе блізу 5,3 тысячы мэтавых месцаў. З іх 2,3 тысячы – на медыцынскія спецыяльнасці, 1,2 тысячы – на сельскагаспадарчыя.
Пра гэта паведамляе Міністэрства адукацыі.
Таксама сярод запатрабаваных у арганізацый-заказчыкаў спецыяльнасцяў – «Электраэнэргетыка і электратэхніка», «Інжынерныя сеткі, абсталяванне будынкаў і збудаванняў», «Правазнаўства», «Лясная гаспадарка».
Усяго ў ВНУ плануюць набраць 48,3 тысячы студэнтаў. Гэта значыць, што на мэтавікоў вылучаць 11% месцаў.
Колькасць арганізацый-заказчыкаў, якія падалі заяўкі на мэтавыя месцы ў ВНУ, перавышае 400.
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі пад мэтавікоў вылучылі 890 месцаў на больш як 70 спецыяльнасцях.
Колькасць заявак ад абітурыентаў на мэтавыя месцы не абмежаваная. Тыя, хто не пройдзе паводле конкурсу на мэтавую падрыхтоўку, могуць удзельнічаць у агульным конкурсе на агульных падставах. Студэнты, якія навучаюцца паводле мэтавага накіравання, павінны потым адпрацаваць 5 гадоў паводле размеркавання.