Пагадненне аб нетрах з ЗША: раскрытыя важныя дэталі аб гарантыях бяспекі для Украіны
4- 2.05.2025, 14:06
- 5,272

Кожная новая вайсковая дапамога будзе лічыцца капітальным укладам.
Урад Украіны быў бы ўдзячны, калі б парламент паспеў да 8 траўня ратыфікаваць пагадненне аб прыродных рэсурсах з ЗША, але Вярхоўнай Радзе вызначацца калі гэта можа адбыцца. Пра гэта сказаў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас гадзіны пытанняў да ўрада ў Вярхоўнай Радзе Украіны.
Шмыгаль адзначыў, што ёсць папярэдняя дамоўленасць, што інвестыцыйны фонд будзе зарэгістраваны ў ЗША, але будзе дзейнічаць ва Украіне, і асноўны рахунак фонду, куды Украіна будзе залічаць свой уклад, будзе адкрыты ва Украіне ў грыўнях.
Паводле ягоных слоў, першае пагадненне павінна быць ратыфікаванае, а наступныя будуць мець імплементацыйны характар, гэта значыць гэта будуць камерцыйныя пагадненні, якія не запатрабуюць ратыфікацыі.
Шмыгаль таксама адзначыў, што фармальных гарантый абароны для Украіны ў пагадненні з ЗША няма:
«Але кожная новая, прадстаўленая ЗША вайсковаая дапамога Украіне, лічыцца капітальным укладам, і гэта стымулюе гэтую адміністрацыю ЗША працягваць і не спыняць пастаўкі нам зброі, выведвальных звестак. У нас падпісаныя гарантыйныя запэўніванні».
Ён запэўнівае, што ў адпаведнасці з пагадненнем, усе ўкраінскія прыродныя рэсурсы застаюцца за Украінай, а таксама сфера дзеянняў пагаднення не ахоплівае пытанні дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватызацыі. «Фонд будзе напаўняцца Злучанымі Штатамі і Украінай у прапорцыі 50/50. З боку ЗША гэта будуць грашовыя ўнёскі або новая вайсковая дапамога, напрыклад, сістэмы СПА. Уклад Украіны - гэта 50% ад рэнты з новых, падкрэсліваю, з новых ліцэнзій на здабычу нафты, газу і крытычных мінералаў», - сказаў украінскі прэм'ер.
Ён адзначыў, што даходы ад ужо пачатых праектаў не ўключаюцца ў фонд. Шмыгаль паведаміў, што першыя 10 гадоў даходы фонду не выводзяцца з Украіны, а рэінвестуюцца ва Украіну, у тым ліку ў здабычу прыродных рэсурсаў, у інфраструктуру або ў перапрацоўку. Паводле ягоных слоў, Фонд будзе гарантаваць камерцыйныя закупкі прадукцыі на ўмовах «бяры або плаці», гэта значыць на прадукцыю будзе гарантаваны попыт.
Ён адзначыў, што даходы фонду не абкладаюцца падаткам Злучанымі Штатамі і Украінай.
Шмыгаль адзначыў, што пагадненне не будзе перашкодай для працягу еўраінтэграцыі і сяброўства ў ЕЗ, будуць запрашаць еўрапейскія кампаніі і інвестараў да супрацоўніцтва.
Ён таксама паведаміў, што ў дадатках да Пагаднення ёсць пералік нетраў «на ўсёй суверэннай тэрыторыі Украіны».