Зачараваны беларушчынай
1- Сяргей Дубавец
- 28.08.2024, 15:47
- 1,318
На 150-я ўгодкі Аляксандра Ўласава, рэдактара, завадатара і жыцьцялюба.
Аляксандар Уласаў — калярытны пэрсанаж беларускага адраджэньня, двухмэтровы асілак-атлет з пастаўленым голасам-басам. Ён быў эканамістам, палітыкам, асьветнікам, завадатарам беларускага школьніцтва, а найперш прыгадваецца як шматгадовы рэдактар дарэвалюцыйнай «Нашай Нівы». Прычым слова «рэдактар» тут найчасьцей дапаўняюць словам «легендарны».
Дата нараджэньня
У даўнейшых крыніцах датай нараджэньня Аляксандра Ўласава называлася 16 жніўня — паводле старога стылю. У навейшых выданьнях яе паправілі на новы стыль — 28 жніўня. Такое часта здараецца зь біяграфіямі беларусаў, што нарадзіліся «да рэвалюцыі». Прынамсі, зразумела, зь якой прычыны дзьве даты — у дакумэнтах пра нараджэньне і як тое трэба чытаць пасьля пераводу гадзіньнікаў у 1918-м.
Але нядаўна літаратар Анатоль Сідарэвіч са спасылкай на гісторыка Андрэя Кіштымава апублікаваў яшчэ адну дату — 10 жніўня, што ўзятая з «Album academicum» Рыскага політэхнічнага інстытуту, дзе вучыўся Ўласаў. Аднак, па-першае, такая дата ніколі раней не называлася; па-другое, «Album academicum» ніяк не ўяўляецца кананічным дакумэнтам; па-трэцяе, хутчэй за ўсё, ён рукапісны, а ў тагачасных віцьеватых почырках лічбу «6» часьцяком можна прыняць за «0». Таму, на маю думку, да зьяўленьня іншых пацьвярджальных дакумэнтаў няма падставаў не давяраць ані Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, ані ўнівэрсальнай Беларускай Энцыкляпэдыі, ані кнізе Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды», аўтар якой рупліва ставіцца да фактаў і праводзіць адмысловыя расьсьледаваньні.
Словам, найбольш вартая даверу дата — 28 жніўня 1874 году.
Тэлепартацыя ў часе
У сярэдзіне 1980-х у Гомлі я пазнаёміўся з жонкай Аляксандра Ўласава, якая на той момант мела 104 гады. Яна жыла ў сучаснай аднапакаёвай кватэры ў самым цэнтры гораду, на вуліцы Савецкай. Зразумела, што ні на якія «здабыткі» я не разьлічваў, адно на магчымасьць запісаць яе ўспаміны пра мужа.
Усё, што яна мела каштоўнага з матэрыялаў (тэксты або фота), у яе ўжо вывудзілі нашы дбайныя менскія дасьледнікі. Рэч у тым, што ў тыя часы існавала такая спэцыфічная практыка — хаваць знаходкі і сэнсацыйныя адкрыцьці да круглай даты героя. І тады ўжо рыхтаваць публікацыю-адкрыцьцё, найчасьцей у газэце «Літаратура і мастацтва». Цяпер такога няма. Напэўна, прычына ў атмасфэры застою, калі здавалася, што плыні часу не існуе і наяўны парадак рэчаў будзе заўсёды. Сёньня ж, наадварот, перамены чакаюцца, бадай, кожную хвіліну, і таму эксклюзіў публікуецца ў паскораным тэмпе. Мне ж гэтыя ўспаміны ўяўляліся тэлепартацыяй у часе.
Аляксандра Ўласава, маючы паважны век, захавала рысы інтэлігенткі «дарэвалюцыйнай» фармацыі, прычым ня дамы нават, а дзяўчыны-гімназісткі.
«Лес стаяў як зачараваны»
Атрымаўшы выхаваньне ў тутэйшай жаночай гімназіі, яна на ўсё жыцьцё захавала колішнія рэгулы паводзінаў і ўяўленьне пра ролю жанчыны. Сьпявала ў хоры, займалася рукадзельлем, зь піетэтам чытала Ўшынскага і ўвесь час вярталася да эпізоду, калі ў школьным творы напісала сказ: «Лес стоял как очарованный», і яны разам з настаўніцай захоплена паўтаралі гэтыя словы з прыдыханьнем.
Гэтая мантра дзіўным чынам запала мне ў памяць, і цяпер ужо я паўтараў яе, спрабуючы прасякнуць у яе сутнасьць. Відавочна, што зачараванай была сама спадарыня Аляксандра, і ня столькі лесам, як самім жыцьцём. Гледзячы шырэй, гэта была базавая рыса яе пакаленьня, якая адрозьнівала большасьць тых беларускіх адраджэнцаў ад сёньняшніх. І першым у яе генэрацыі быў Аляксандар Уласаў, весялун і жартаўнік, на сто адсоткаў напоўнены пазытывам. А адрозьнівала тое пакаленьне ня столькі зачараванасьць, колькі немагчымасьць расчараваньня, месца на якое ў іхных душах і розумах папросту не засталося.
Шлюб быў выпадкам выключным
Яна казала, што іх шлюб з Уласавым быў «выпадкам выключным». У 1920 годзе карэнная гамяльчанка Аляксандра Стэльмаховіч ці Аляксандра Серада (паводле першага шлюбу; той муж загінуў у Першую сусьветную вайну) паехала ў Баранавічы да сястры, якая была захварэла. Зразумела, з прыгодамі — за мяжу ж. Пасьля там, у Баранавічах, адбылася вечарынка, «бліны». Сабралася ўсё гарадзкое начальства, натарыюс — «галоўны ў гарэлцы». Быў там і душа кампаніі Аляксандар Уласаў.
У выніку спадарыня Аляксандра пражыла ў Заходняй Беларусі аж да арышту мужа НКВД (1939). Яна брала ўдзел ва ўсіх прадпрыемствах гэтага народніка, сэнатара Польскага Сэйму, ініцыятара беларускіх школаў, тэатралізаваных сьвятаў ды шмат чаго іншага. Мелі яны двух сыноў.
У 1922 годзе АМ (Аляксандар Мікітавіч — яна ўвесь час называла яго толькі так) адкрыў у Радашкавічах філіял Таварыства беларускай школы і Беларускую гімназію, атрымаўшы ад польскага ўраду канцэсію на сваё імя.
Удзельнікі акруговага зьезду Таварыства беларускай школы ў Горадні. У цэнтры другога шэрагу — Аляксандар Уласаў, справа ад яго — Рыгор Шырма. 1928 год
У складзе вучняў першыя два гады пераважалі габрэі, але з кожным годам працэнт беларусаў павялічваўся, і ўрэшце яны сталі большасьцю. Гімназія насіла імя Скарыны, праіснавала шэсьць гадоў і была зачыненая польскім урадам, які ўгледзеў, што яе фінансуюць камуністы. Аднак, перш чым зачыніць гімназію, улады арыштавалі АМ і накіравалі яго ў лягер Стшалкова, пад тагачасную нямецкую мяжу. Лягер разьмяшчаўся ў дашчаным хляве, кармілі вельмі дрэнна. АМ зарганізаваў усіх вязьняў. Склалі сьпіс: хто, адкуль і за што. Паслалі заяву ў Лігу нацый.
Аднойчы раніцай у Варшаву прыехала камісія й спыталася, што гэта за лягер і хто ў ім сядзіць. Потым камісія паехала туды, і ў выніку лягер расфармавалі. АМ вызвалілі першым, тэлеграмай. Усяго ён прабыў там чатыры з паловай месяцы.
Кур’ёзы і канфузы
Не абышлося без кур’ёзу. Да міністра асьветы прыехала дэлегацыя беларусаў. Не пасьпелі яны адчыніць дзьверы ў кабінэт міністра, як той замахаў рукамі й закрычаў: «Уласава ўжо выпусьцілі, выпусьцілі!..» Прадстаўнік дэлегацыі адказвае: «Мы зусім ня ў гэтай справе». Міністар быў сканфужаны...
Пасьля закрыцьця гімназіі засталіся даўгі, якія павінен быў сплаціць канцэсіянэр Уласаў. АМ узяў у кайстру хлеба, сала й пайшоў у Маладэчна — адседжваць даўгі.
Будучы абраным у Сэнат, АМ мусіў бываць у Варшаве на прыёмах. Так, аднойчы ў Польшчу прыехалі ангельскія госьці. Старшыня запрасіў і беларускага сэнатара Ўласава. Давялося паехаць. Але не было адпаведнага строю. Узялі напракат шлюбны гарнітур з цыліндрам. Калі АМ увайшоў туды, дзе сядзелі госьці, усе маўчалі. Ён павітаўся і па звычцы пажартаваў. Усе засьмяяліся й павесялелі. Старшыня, калі даведаўся, што АМ размаўляе з гасьцямі па-ангельску, сказаў: «Прашу вас, пане сэнатар, займаць гасьцей. Апроч вас ніхто ня ведае ангельскае мовы».
Акрамя ангельскай, АМ дасканала валодаў нямецкай мовай. Бо ў політэхнічным інстытуце ў Рызе, дзе ён вучыўся, выкладалі пераважна па-нямецку.
АМ зьбіраўся пісаць раман «Палеская прынцэса». Шмат было сабрана матэрыялу, але ня суджана было гэтаму зьдзейсьніцца.
У 1939 годзе ён, узяўшы кошык яблыкаў і аточаны з усіх бакоў дзецьмі, выйшаў на дарогу сустракаць Чырвоную армію...
«Вас тут няма»
У камэры маладачанскай турмы замест 7 вязьняў сядзелі 77...
Спадарыня Аляксандра дзяжурыла пад вокнамі турмы, дамагалася сустрэчы з мужам, але безвынікова. Вярталася дадому (фальварак Мігаўка — за кілямэтар ад Радашкавічаў) пешкі. Было марозна, зорнае неба. «Грукаюся ў дзьверы свайго дому, работніца не адчыняе, адказвае: „Вас тут няма, дзеці ў суседкі“».
Судзіла яго Асобая нарада. Далі пяць гадоў папраўчага лягеру й 28 лістапада 1940 году накіравалі ў Марыінскі лягер Новасібірскай вобласьці.
Едучы празь Менск, АМ нейкім чынам перадаў запіску жонцы Янкі Купалы Ўладзіславе Францаўне Луцэвіч, прасіў пра перадачу. Калі яна затэлефанавала Купалу ў Маскву, той адказаў: «Аддаць усё маё». Але калі яна прынесла перадачу, адказалі, што цягнік ужо пайшоў.
Ён мог памерці ў сваім улюбёным Менску, але дзякуючы моцнаму здароўю працягнуў яшчэ да Новасібірску. Было яму 66 гадоў.
«Вас тут няма»... Людзі сабралі ёй зь дзецьмі грошы на дарогу — да Баранавічаў, да сястры. У 1946-м яна зь дзецьмі вярнулася ў Гомель.
Я запісаў яе ўспаміны на магнітафон і ў нататнік, зрабіў копіі тых малазначных папераў, што засталіся ад яе архіву пасьля візытаў менскіх дасьледнікаў. А неўзабаве яна памерла...
Ва ўспамінах пра Ўласава ягонай пляменьніцы Веры Ніжанкоўскай каротка згадваецца, што спадарыню Аляксандру з сынамі выслалі ў Паўладарскую вобласьць у ссылку, адкуль яны вярнуліся ў Гомель праз шмат гадоў. Але сама спадарыня Аляксандра пра гэты эпізод мне нічога не сказала. Хутчэй за ўсё, старалася выкрасьліць з уласнага жыцьця ўсё, што хацела яе ў ім расчараваць, але было ўспрынятае як прыкрая і нязначная дробязь.
Для многіх Аляксандар Уласаў стаў увасабленьнем беларускага адраджэньня першай паловы ХХ стагодзьдзя — магутнага і плённага, як ніколі ў гісторыі, жыцьцялюбнага, прасякнутага здаровым авантурызмам і бязьмежнай любоўю. У 1930-я гады гэты рух, як і сам Уласаў, быў бязьлітасна зьнішчаны пад корань савецкай уладай і больш такога размаху не дасягаў ніколі. Кожнага новага разу не пасьпяваў дасягнуць.
Хтосьці сёньняшні іншым разам зьдзівіцца: чаму іх, паэтаў, краязнаўцаў, акадэмікаў, як цяпер кажуць, «батанікаў» (і батанікаў у тым ліку), цалкам бяскрыўдных людзей, зьнішчалі фізычна? Ня так, як сёньняшніх, якіх асуджаюць на гады турмаў, але, прынамсі, не на сібірскую катаргу ці расстрэл. І мне зноў згадваюцца словы пра лес, што стаяў як зачараваны.
Адраджэнцы першай паловы мінулага стагодзьдзя паміралі ад тыфусу, ад голаду, гінулі ў войнах і ў сталінскіх катавальнях, цярпелі паразы і несправядлівасьць... Але нязьменна былі зачараваныя жыцьцём і сваёй беларушчынай, сваёй творчасьцю, краінай, людзьмі, мінуўшчынай, любоўю... І карнікі чакалі ад іх самага галоўнага — расчараваньня, на якое яны папросту здатныя не былі. Напэўна, гэта сьведчыла пра цэльнасьць натуры і сьветапогляду, што ў сёньняшніх героях сустракаецца ня часта.
Адзін з апошніх прыкладаў — мірныя маршы 2020-га, дзе беларускі аптымізм відавочна пераважаў прыземленыя матывы крыўды і пратэсту. Дзесьці там, нават сярод соцень тысяч, вылучалася двухмэтровая постаць асілка-атлета з пастаўленым голасам-басам. Ён то паказваўся ў хвалях бела-чырвонага-белага мора, то зьнікаў. І з вуснаў яго не сыходзіла ўсьмешка абсалютнага шчасьця.
Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»