Наталля Радзіна: Незалежныя медыя – гэта астатні інструмент уплыву на сітуацыю ў Беларусі
1- 7.02.2025, 13:02
- 1,366
![Наталля Радзіна: Незалежныя медыя – гэта астатні інструмент уплыву на сітуацыю ў Беларусі](https://i.c97.org/ai/548529/aux-head-1684410868-20230518_radina_charter97.org2_360.jpg)
Фото: Charter97.org
Яны неабходныя сёння беларусам, як паветра.
Вельмі моцныя словы падтрымкі на адрас Беларусі і Украіны гучалі падчас Форуму Касцюшкі ў Гданьску цягам 3 і 4 лютага, перадае «Радыё Рацыя».
Як кажа галоўны рэдактар сайта Сharter97.org Наталля Радзіна, галоўнае, што яна пачула і ёй больш за ўсё спадабалася, – гэта словы міністра замежных спраў Літвы пра тое, што трэба працягваць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі і давесці справу ў Міжнародным крымінальным судзе да выдачы ордара на арышт дыктатара:
– Гэта самае галоўнае, што я хацела пачуць, таму што зараз трэба працягваць гэтую прынцыповую лінію ціску на рэжым Лукашэнкі.
Таксама Наталля Радзіна выказалася і наконт падтрымкі СМІ:
– Вельмі цяжка зараз нешта сказаць наконт падтрымкі, таму што мы бачым, што падтрымка толькі скарачаецца ў апошнія гады. Мы, канешне, чуем шмат словаў пра тое, што трэба падтрымліваць беларускую апазіцыю, незалежныя медыя, грамадзянскую супольнасць, але на самой справе я магу канстатаваць, што гэтая падтрымка толькі зніжаецца, на жаль. І гэта вялікая памылка.
Таму што, калі казаць, напрыклад, пра незалежныя медыя, то яны неабходныя сёння беларусам, як паветра. І больш за тое, незалежныя медыя – гэта астатні інструмент уплыву на сітуацыю ў Беларусі.
Форум Касцюшкі быў арганізаваны Міністэрствам замежных спраў і Еўрапейскім Цэнтрам салідарнасці. З беларускага боку ў ім удзельнічалі прадстаўнікі беларускіх незалежных медыя, грамадскага і палітычнага сектару.