Паліна Шарэнда-Панасюк: Патрэбны абсалютны злом гэтай сістэмы
3- 25.04.2025, 11:55
- 2,792

Праўда пра лукашысцкія канцлагеры для жанчын.
Беларускія калоніі ў народзе называюць канцлагерамі, асабліва што да жанчын-палітвязняў. Жорсткія ўмовы ўтрымання расчалавечваюць, адбіраюць здароўе, дэмаралізуюць жанчын, а не дапамагаюць тым, хто трапіў паводле сапраўднай крымінальнай справы. Былая палітычная зняволеная, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк паразмаўляла з «Радыё Рацыя» на гэтую тэму:
— Ці ёсць магчымасці ў людзей, які патрапілі паводле крымінальных непалітычных спраў, развівацца там, праходзіць навучанне, то бок мяняцца ў лепшы бок? Калонія ж у нас разглядаецца як выхаваўчая ўстанова.
— Па-першае, адміністрацыя калоніі складаецца з тых людзей, які ў прынцыпе не могуць кагосьці выхаваць. Бо яны паводзяць сябе нахабна, па-хамску, подла, то бок ніякіх прыкладаў для выхавання сваімі паводзінамі яны не даюць.
Таксама рэжым: ён створаны так, каб усё горшае, што ёсць у чалавеку — там яно толькі ўдасканальваецца, ва ўмовах таго рэжыму, у які там пастаўленыя людзі. Яго можна назваць «антыдэкалогам»: схлусі, здрадзь, давай фальшывыя сведчанні, чаго не жадаеш сабе — пажадай бліжняму свайму, гэтак далей. Усе накіраваныя на тое, каб выхаваць самое горшае, што ёсць у чалавеку, ну і па-другое, зрабіць усё, каб гэты чалавек зноў туды патрапіў. Сама гэтая сістэма канцлагераў, дзе чалавек выкарыстоўваецца як дармавая рабочая сіла, усё скіравана на тое, каб выйшаўшы за гэту браму, ён ізноў туды патрапіў. Уся сістэма крыміналізацыі, якая сёння існуе ў лукашысцкай Беларусі, пастаўленая на камерцыйную аснову. Існуе камерцыйная зацікаўленасць рэжыму, каб у Беларусі было як мага больш «крымінальнікаў», бо гэта фактычна бясплатная і даволі значная масавасцю працоўная сіла.
— Бывае такое, што жанчыны вязні нараджаюць дзяцей у калоніях. Што з гэтымі дзецьмі адбываецца далей? Ці маці бачыць сваіх дзяцей, на колькі яе адпускаюць да сваёй малечы?
— У Гомелі ў калоніі №4 існуе гэтак званы «Дом маці і дзіцяці», дзе знаходзяцца жанчыны, якіх альбо прывозяць у калонію з маленькімі дзецьмі, альбо ўжо ў калоніі нараджаюць. Там дзеці знаходзяцца да трэцяга года жыцця. Далей перад жанчынай выбар: дзіця альбо перадаюць у дзіцячы дом, альбо забіраюць сваякі жанчыны.
— Маці бачыць сваіх дзяцей? На колькі яе адпускаюць да сваёй малечы?
— Маці прымушаюць працаваць на фабрыцы, як і ўсіх. Толькі некалькі гадзін на дзень яна можа быць са сваёй малечай. Калі яна, канешне, гэтага хоча, бо ёсць жанчыны, якія ўвогуле адмаўляюцца да іх хадзіць.
— Жаночыя калонія адрозніваюцца ад мужчынскіх. У мужчынскіх ёсць нейкая герархія, там падзяляюцца на нармальных і «апушчаных». А хто кіруе ў жаночых калоніях побытавымі ўмовамі знутры?
— Адміністрацыя калоніі ставіць сваіх людзей, якія ўсім кіруюць. У жаночых калоніях гэта гэтак званыя загадчыцы атрадаў. Звычайна — гэта жанчыны, якія маюць вялікія тэрміны. Яны, безумоўна, ва ўсім супрацоўнічаць з адміністрацыяй, выконваюць яе загады, даносяць, уціскаюць астатніх зняволеных жанчын. Гэта нават забойцы, людзі з нейкімі цяжкімі крымінальнымі артыкуламі. Яны проста ўжо настолькі звыкліся з калоніяй, адчуваюць там сябе як рыба ў вадзе. Адміністрацыя заплюшчвае вочы на некаторыя іхнія адступленні ад рэжыму ўтрымання ў калоніі. У іх узаемнае супрацоўніцтва.
— Ці было сяброўства паміж палітычнымі зняволенымі і не палітычнымі звычайнымі крымінальніцамі?
— Было такое нармальнае прыязнае стаўленне, асабліва калі яны бліжэй пазнаёміліся з палітзняволенымі. Зразумела, што спачатку, перад прыездам палітзняволеных, адміністрацыя ўсіх запалохвала: маўляў, прыедуць гэткія страшэнныя фашысты, якія прадалі радзіму. Асуджаныя спачатку насцярожана ўспрымалі палітзняволеных. Але пасля ўжо бачылі, што гэта нармальныя людзі, шмат у чым даюць прыклад, як можна сябе паводзіць у калоніі. Для гэтых жанчын было шокам нават, што можна проста камусьці добрае слова сказаць, не за штосьці, не за нейкія выгоды, а проста так сказаць. Падзяліцца ведамі, нават нейкімі рэчамі падзяліцца і нічога за гэта не патрабаваць. Для іх гэта было такое адкрыццё, што можна ў такіх умовах быць нармальным чалавекам. І калі простыя зняволеныя бачылі стаўленне адміністрацыі калоніі да палітзняволеных, як на іх ціснуць, у іх узнікала вялікае спачуванне і салідарнасць.
— Якімі павінны быць такія ўстановы ў дэмакратычнай Беларусі?
— У дэмакратычнай Беларусі патрэбны абсалютны злом гэтай сістэмы. Гэта сталінская сістэма, якая існуе больш за 100 гадоў, якая фактычна не рэфармавалася. Абсалютна не павінна быць такіх калоній, які ёсць зараз у Беларусі, вось гэтых канцлагераў. Калі цябе асудзілі — мусіш проста правесці гэта тэрмін у зняволенні, табе не павінны прамываць мазгі ідэалогіяй, не павінна быць зневажання чалавека, павінны быць нармальныя побытавыя ўмовы ў камерах.